мясцовая тапаніміка


На этой странице блога размещаю картотеку, сложенную нашим односельчанином Музуром Александром в 1992 году. На полноту и точность она не претендует, но примечателен сам факт попытки сохранения несуществующих и существующих названий урочищ, хуторов, мест.
 Уже немногие помнят и знают, где эти места находятся. Некоторые ещё на слуху, сохранились и в моей памяти. 

Картатэка тапанімікі наваколляў в. Дуброва
“Знікшыя, але не забытыя”

Асінава даліна – так звалася поле на паўднёвы захад ад в. Дуброва у кірунку в. Пружышішчы. Цяпер поле засаджана лесам. Назва відаць паходзіць ад прыродных асаблівасцей гэтай мясціны.Магчыма, што раней там рос асінавы лес, і, раскарчаваўшы яго, надалі полю такую назву.
Асінаўка – лес на захад ад в. Прытыка. Назва, пэўна паходзіць ад дамінуючай ў той мясціне расліны.
Ацяты – лес, што ў кірунку да в. Віша.
Балоцца – сенажаць на поўдзень ад в. Дуброва. Даўней там было невялікае балота. Мяркуецца, што ад памераў, плошчы балота ўтварылася і адпаведная назва.
Брышта (брышча- топкае месца, балота) – поле, ваколіца на захад ад в. Прытыка (цяпер назваю не карыстаюцца).
Бугаў – хутар, 2 двары, на якім жыў Дайнека Савелій, выселены ў в. Дуброву.
Бугаў – лес і ўвогуле абшар, што на поўдзень ад в. Дуброва.
Буда (пад Будаю) – поле на паўночна-заходнім кірунку ад в. Дуброва, па правы бераг безназоўнай рэчкі. Адзінай думкі на паходжанне назвы гэтай мясціны няма. Але абодва варыянты паходзяць ад адной асновы. Буда – часовая пабудова як для жытла, так і для гаспадарчых мэт. Па- першаму варыянту – гэта млын. Што стаяў на рачулцы. Магчыма тыя пабудовы былі каля яго. Па-другому – гэта нейкая сукнавальня, што знаходзілася там.
Бунькаў – поле, за Зарэччам , управа.
Буслы- частка паселішча в. Дуброва, звязаная з прозвішчамі жыхароў.
Бяльчо (Вяльчо)- пасёлак ў Мікалаеўскім сельскім Савеце, існаваў да 1939г.
Бяльчо – лясны масіў, што на ўсходнім кірунку ад в. Дуброва.
Бярозаўка –лес на захад ад в. Марцінаўка. Назва паходзіць ад дамінуючай там расліны- бярозы.
Віты брод – поле. Што цягнецца па левы бераг р. Іпа у паўднёва-усходнім кірунку ад в. Зарэчча. Назва звязана з асаблівасцю формы поля, яно паўтарала згібы ракі. Дуброва.
Возера – сенакос, нізіннае месца ля в. Прытыка.
Воўчы лясок – так зваўся раней лес, што на левабярэжным грудку р. Іпа у паўночна-усходнім кірунку ад в. Дуброва. Зараз гэта пясчаны ўзгорак (сенажаць) між тарфянікаў. Падобна на тое, што назва  звязана з якойсці канкрэтнай падзеяй. Магчыма нехта з жыхароў вёскі знайшоў там воўчы вывадак, ці там жылі ваўкі.Цяпер назваю не  карыстаюцца.
Вубяддзе – балота, што на поўдзень ад в. Дуброва на правы бок шашы ў Азарыцкім кірунку (перад Бугавым). Цяпер балота асушана і назва не ўжываецца.
Вялікае Вельчо – хутар, 13 двароў, жыхары: Шчэрбін Кузьма і Ігнат, Бусел Фёдар,Запатылак Арсень, Тукач Сяргей, Шуст Саўка, Шуст Іван, Шуст Аляксей, Мікалай, Пятро, Сцяпан. Сселены ў в. Зарэчча.
Вялікі Луг – поле у бок  в. Церабуліна.
Вяльчо –  хутар, зараз лясны масіў, што на ўсходнім кірунку ад в. Дуброва. Назва, хутчэй ўсяго, паходзіць ад асаблівасцей гэтага лесу. Відаць раней там было зашмат сухіх хваін, а паколькі “велька” – сухая хваіна, адсюль –вяльчо.
Глінішчы – поле на захад ад в. Дуброва. Сваю назву мясціна хутчэй за ўсё атрымала таму, што на яго ўскрайку яшчэ да нядаўняга часу капалі гліну.
Гоманаў лясок – так звалі раней лес, што на пагорку у паўночным кірунку ад в. Дуброва. Зараз гэта ўжо сенажаць і назваю не карыстаюцца.
Грынаўка –хутар, 1 двор, жыў Дайнека Павел (Мікітаў), сселены у Дуброву; лес , што на поўдзень ад в. Дуброва (даўней было поле і хутар) па правы бок шашы Парычы –Азарычы. Магчыма, назва паходзіць ад асновы «грынь» – лішай, парша. Мо і лес, і наогул усё месца было гнілое. Дуброва.
Гумнішча –хутар, 2 двары, адзін з жыхароў Бусел Пятро, сселены ў в. Дуброву.
Дайнекі- частка в. Дуброва. Назва звязана з прозвішчам мясцовых жыхароў.
Дуба – ж., рэчка , у Інвентары Бабруйскага староства за 1639 год запісана: «Сяло Сякерычы… маюць рыбныя ловы на рэчцы Дуба адным берагам з самага верху да мяжы сяла Дуброва», з часам рэчка высахла і на ўсход ад вёскі Пятровічы ёсць урочышча Дуба. Сёння гэта сенажаць.
Дуброва – вёска ў Палескім (з 2009-га - Мікалаеўскім) сельсавеце;
Ельнічкі – поле на ўскрайку лесу ў заходнім кірунку ад в. Дуброва па правы бок дарогі на Гарохавічы (Акцябрскі раён). Назву мясціна атрымала ад прыродных асаблівасцей. Відаць, раней там рос ельнік. Раней быў хутар, жыхары: Захар’я Ульяна, Мікіта Паўлаў.
Журавова шыя – лес, што ў паўночным кірунку ад Дубровы (раней гэта была сенажаць). Канкрэтнага тлумачэння назвы мясціны няма. Магчыма, яна пайшла ад формы паляны: «доўгая, як журавова шыя».
Жыгулоўскія палянкі – паляны за Зарэччам.
Жыдаўшчына – поле на поўнач ад в. Дуброва (адразу за вёскай).
Жэралец – лугавіна на поўнач ад в.Прытыка. Назва, хутчэй за ўсе, паходзіць ад старажытнаславянскага слова «жэрал», што значыць «крыніца». Мясціна, дзе бруілася крыніца. Там і зараз нізіна, дзе пракапана канава. Дуброва.
Зялёнае - балота на пайднёва-захад ад Дубровы, лес, поле, балота. 
Замлынне  ранейшая назва вёскі Прытыка, пераіменавана ў 1925 г.; хутар, да 1939 г. існаваў у Мікалаеўскім с/с, сселены ў в.Вяжны.
Занцаў Груд – сенажаць (пясчаны пагорак) на месцы колішняга лесу, што на ўсход ад в.Дуброва на левым беразе ракі Іпа. Назва, відаць, пайшла ад
уласнага імя “Зан”, “Занко” (падобнае прозвішча сустракаецца ў суседніх з Дубровай весках.
Зарэчча – вёска ў Палескім сельсавеце
Зарэцкі хвойнік — хвойнік каля вёскі Зарэчча
Іпа – рака, левы прыток Прыпяці.
Кабыльшчына – веска, пераіменавана ў 1939 г. у вёску Палессе.
 Кадаўбаурочышча, поле вакол яміны з вадой.
Кадаўба – лес на поўнач ад вескі Палессе, на левы бок шашы Парычы – Азарычы. Частка лесу з дуплістымі дрэвамі, з якіх выраблялі розныя ёмкасці (дуплянкі, кадкі, кадаўбы) для захоўвання розных рэчаў. Адсюль і пайшла назва мясціны.  Быў раней хутар , жыў Даніла (Шамара), перасяліўся ў Стужкі
Кадаш – веска, у 1925 г. пераіменавана ў в. Мікалаеўка. Кадаш – ад слова кадка, дзяжа. Калісьці ў гэтай весцы была смалакурня па выпрацоўцы смалы і дзёгцю, якія і залівалі ў кадкі, кадашы.
Калінава Гара – лес ля вескі Дуброва, знаходзіўся паўз шлях за вёскай у бок Палесся, у час будаўніцтва дарогі быў выкарчаваны. Дуброва.
Калінаўшчына – поле на захад ад в.Зарэчча на ўзвышшы, што адразу перад агародамі, калі ісці з вёскі Дуброва. Назва, хутчэй за ўсе, ад першапачатковых прыкмет мясціны. Тут, магчыма, раней расло шмат каліны. Пазней яе выкарчавалі, а назва засталася.
Карміч Лаза – поле на поўнач ад в. Церабуліны. Магчыма, назва ад слова «карміць», гэта значыць – месца багатае на траву, ці што іншае
Карпілаўка – частка вескі Дуброва, звязаная з прозвішчам жыхароў.
Кіслы Мох – балаціна сярод лесу на поўдзень ад в.Дуброва. Назва характарызуе якасці гэтага месца. Як кажуць мясцовыя жыхары, глеба там нічога не вартая.
Красны Барок – поле на захад ад в. Марцінаўка. Назва паходзіць ад своеасаблівага параўнання «красны» інакш «прыгожы», урадлівы, пажаданы куток. Дуброва.
Кружок - поле на поўнач ад в.Палессе па правы бок шашы Парычы – Азарычы. Назву мясціна атрымала па асаблівасцях формы.
Крушнікі – лес, што на поўдзень ад в.Дуброва ў кірунку в.Віша. Назва, відаць, паходзіць ад дамінуючай у лесе расліны – крушына.
Лясок – поле на поўдні в.Дуброва па правы бок ад шашы Парычы – Азарычы. Магчыма, раней паблізу гэтага поля быў невялікі лясок, пазней яго высеклі, а назва засталася.
Малое Вельчо – хутар выселены ў Дуброву, было 2 двары Сушкова Фёдара і Конанава Васіля.
Мартынаўка – вёска ў Палескім сельсавеце.
Масцішча – хутар, сселены ў в.Дуброва, жыў Бусел Кірэй; лес і поле на поўдзень ад в.Дуброва; пасёлак існаваў да 1939 г. у Мікалаеўскім с/ Савеце; урочышча, в. Мармавічы.
Міхайлаўка – вёска ў Мікалаеўскім сельсавеце (да 1921 г. насіла назву Полашаў).
Муліцішча – балота, зараз асушана, на поўнач ад в. Прытыка па правы бераг ракі Іпа. Дуброва
Муляцін  - поле, што на захад ад в. Марцінаўка. Дуброва.
Новіны – лес, што ў паўднева- заходнім кірунку ад в.Дуброва.
Пад’ельніцкі – хутар, сселены ў Дуброву, жыў там Тукач Аляксей.
Паддубок – поле, што на поўдзень ад в.Дуброва па правы бок шашы Парычы – Азарычы. Найбольш верагодна, што назва мясціны звязана з яе асаблівасцямі: магчыма, там некалі стаяў дуб (дуб – волат), што і дало такую назву.
Папкоў Ражок – поле, што на паўдневы захад ад в.Дуброва. Назва поля звязана з прозвішчам уласніка. Даўней гэтае поле належала царкве.
Паштовы Шлях – дарога, з даўніх часоў паблізу Шацілак праходзіў шлях, які веў з Якімавай Слабады (там размяшчалася паштовая станцыя) на Мазыр. Па гэтай дарозе вазілі пошту з Мазыра да Якімавай Слабады, далей па Гомельскаму тракту – у Гомель. Адсюль і назва шляху. Па пошту доўгі час дуброўцы хадзілі ў Чэрнін.
Піліпаў Поплаў – лужок, за мастом на левым баку ракі Іпа за Жыдаўшчынай.
Пятровічы – вёска ў Мікалаеўскім сельсавеце (да 1925 г. насіла назву Сіняўка).
Рабінаў Курган – поле ў заходнім кірунку ад в. Дуброва. Зараз у складзе так званага “Вялікага лугу”.
Саланец – поле, што на поўдзень ад в.Зарэчча. Па вясковых паданнях назва звязана з соллю. Калісь па рацэ Іпе хадзілі баржы, і адна з іх, загружаная соллю, затанула. Дуброва.
Свішчук – балота, што на паўдневы ўсход ад в.Дуброва, зараз асушанае. «Свішч», магчыма, тое ж, што «свіль», «цвіль», г.зн. зарастаючае возера, пакрытае расліннасцю. Па іншаму – цвілое балота. Дуброва.
Селішча – хутар, 2 двары, сселены ў в.Дуброва, жылі Дайнека Ігнат, Дайнека Васіль.
Сецішча – хутар, зараз поле ў паўднева- усходнім кірунку ад в.Дуброва. Назва, магчыма, зрадні балцкаму, г. зн. “аселасць”. Месца, дзе здаўна нехта сяліўся.
Сецішчы – паселак, да 1939 г. існаваў у Мікалаеўскім с/ Савеце.
Сухі Лясок – балота, што ў паўднева- усходнім кірунку ад в.Дуброва. Цяпер асушана. Балота, відаць, было верхавое, на якім дрэўцы засохлі. Адсюль і назва. Дуброва.
 Сьвішчук – дрыгвяністае балота. Зарэчча.
Таргі – поле. Дуброва
Таўсты Сьнет – лес у паўдневым кірунку ад в.Дуброва, прыкладна між Масцішчамі і Грынаўкаю. Назва, хутчэй за ўсе, паходзіць з бортніцкай лексікі. “Сьнет” – таўсты дубовы (ці які іншы) аполак, мацуемы пад борць. Кажуць, што былі вельмі тоўстыя дрэвы.
Ускоравень – лес, даўней было поле ў паўднева – заходнім кірунку ад в.Дуброва бліжэй пад Гарохавічы (Акцябрскі раен).
Фірсаўка – хутар, існаваў у Палесскім с/ Савеце.
Хутар поле перад Калінавай Гарой на поўдзень ад Дубровы
Церабулін – весачка на 8 двароў у заходнім кірунку ад в.Дуброва. Кажуць, назва звязана з церабеннем, высечкай лясоў. Магчыма, першы пасяленец выцерабіў паляну і пасяліўся там.
Шыбенка – лес і сенажаць, што ў паўднева – усходнім кірунку ад в.Дуброва. Магчыма, есць два варыянты тлумачэння: 1) ад асновы “шыбаваць”, што значыць “далёка”, “далёкае месца”; 2) “шыбеніца”, “шыгайла”, “павеса” ( магчымае месца нейкай казні, пакарання каго – небудзь, забойстваў).
Язвін – вёска ў Палескім сельсавеце.
 картатэку склаў у 1992 годзе Мазур Аляксандр Иванович.


1 комментарий:

  1. некаторыя назвы ўжо, нажаль, не выкарыстоўваюцца.. але яшчэ шмат урочышчаў сталыя людзі менавіта так і завуць

    ОтветитьУдалить